Frame 430 (1)

Незалежная культура як інструмент трансфармацыі беларускага грамадства

Эсэ Independent Culture as a Tool for Transforming the Belarusian Society, апублікаванае на платформе еўрапейскай сеткі RESET!, прапануе ўдумлівыя развагі пра тое, як незалежная беларуская культура стала не проста полем для творчасці, але сапраўдным рухавіком грамадскіх зменаў у Беларусі.

Дыджэй Papa Bo Selektah падчас пратэснай акцыі #музыказброя (Мінск, жнівень 2020). Фота з прыватнага архіва Papa Bo Selektah

Гэты матэрыял з’яўляецца часткай шырокага дыскурсу і даследаванняў RESET! пра незалежную культуру і медыі ва ўсёй Еўропе. Сетка працуе менавіта для таго, каб яднаць актараў незалежнай культуры, дакументаваць іх актыўнасці, падмацоўваць голас і прадстаўляць агульную пазіцыю на міжнародным узроўні. Дарэчы, Беларуская Рада культуры з’яўляецца чальцом RESET!

Ананімнае эсэ (да слова, яго аўтар – непублічны супрацоўнік Беларускай Рады культуры) акцэнтуе ўвагу на тым, як гэта – быць актыўным у сферы беларускай культуры сёння. 

Тэкст тлумачыць, адкуль у спісах міжнароднага вышуку столькі “экстрэмістаў” і “тэрарыстаў” з нашай краіны, распавядае, як жыла незалежная беларуская культура да 2020 года, яшчэ раз нагадвае, чаму 2020 год стаў для нас кропкай невяртання і як мы жывем цяпер, праз 5 гадоў пасля пратэстаў. 

Асаблівая ўвага ў матэрыяле надаецца тым, хто працуе над захаваннем і развіццём беларускай культуры пасля 2020 года. У эсэ адзначаецца, што менавіта ўвосень 2020 года была створаная Беларуская Рада культуры – першапачаткова як Фонд культурнай салідарнасці – каб падтрымліваць рэпрэсаваных творцаў, дапамагаць ім у пераездзе і працягваць дзейнасць за межамі Беларусі. Паступова экасістэма разраслася і сёння яднае мноства актараў па ўсім свеце. Гэта азначае, што незалежная культура для Беларусі – не толькі мастацтва і ідэі, а культурніцкія менеджары, кіраўнікі арганізацый імкнуцца стварыць практычна арыентаваную сетку супольнай падтрымкі, дыялогу і ўстойлівасці, якая працуе як унутры Беларусі, так і на міжнародным узроўні.

Мы зразумелі, што нам патрэбная ўласная інфраструктура незалежнай культуры – і пачалі яе ствараць. Сёння ў нас ёсць Беларускі Інстытут Тэатра (які аб’ядноўвае акцёраў і рэжысёраў), Незалежная беларуская кінаакадэмія (што аб’ядноўвае прафесіяналаў кіно), Інстытут беларускай кнігі, супольнасці фатографаў і Беларуская музейная лабараторыя (для спецыялістаў у галіне музеязнаўства). Усе гэтыя арганізацыі дзейнічаюць за мяжой. Адна з нашых найважнейшых мэтаў – захаваць сувязь з Беларуссю, таму многія праекты фактычна трансгранічныя.

[…]

Мы маем міжнародны поспех, уступаем у міжнародныя сеткі і заводзім новыя кантакты. У нас ёсць буйная еўрапейская праграма ArtPower Belarus, якая падтрымлівае беларускую культуру… Мы развіваемся, узмацняем наш голас і спадзяёмся заняць яшчэ больш важнае месца. І мы не забыліся пра крыўдзіцеля, ад якога ўцяклі. Бо і сёння ў Беларусі за кратамі застаюцца больш за паўтары сотні дзеячаў культуры” (Гэты тэкст створаны дзякуючы RESET!). 

Сёння незалежныя беларускія культурніцкія арганізацыі і праекты працягваюць дзейнасць у Польшчы, Літве, Нямеччыне, Эстоніі, Украіне і іншых краінах. Яны не проста «падтрымліваюць жыццё» беларускай культуры, але трансфармуюць яе ў транснацыянальную прастору, якая абараняе памяць, выступае супраць рэпрэсій і прапануе візію будучыні, адрозную ад таталітарнай. 

Чытаць цалкам (па-англійску)

*Ілюстрацыя на галоўнай старонцы: сцэна з оперы Беларускага Свабоднага тэатра “Дзікае паляванне караля Стаха” (Лондан, Barbikan, верасень 2023). Фота: Linda Nylind.

Таксама паглядзіце

Эксперты Аналітычнай групы Беларускай Рады культуры падвялі вынікі 2025 года. У гэтым тэксце мы сабралі топ-10 самых заўважных (на думку нашых шаноўных …

Вынікі базавага даследавання Перад вамі – кроткая версія аналітычнай працы, якая прапануе ўсебаковае даследаванне адметнасцяў дзейнасці ключавых арганізацый і значных фігур беларускае …