Навокал здараюцца інфармацыйныя штормы. Але маленькі караблік “Кніжны Магістрат” спрабуе абмінуць іх і вырасці да саліднага міжатлантычнага лайнера.
У гэтай супольнасці ёсць вынікі, якімі хочацца падзяліцца
За гэтае лета Магістрат сабраў 3 тыс. еўра ў «Скарбонку Nonfiction». Удзельнікі і ўдзельніцы вырашылі цягам наступнага года сабраць яшчэ тройчы па 3 тысячы. Цяпер збіраюць з выдаўцоў ідэі пра кнігу, якую варта выдаць. У ідэале — паспрыяць выхаду некалькіх заўважных хітоў Nonfiction па-беларуску.
Ідзе абмеркаванне, як актывізаваць беларускія коміксы. Як і Nonfiction, гэта рызыкоўная, але цікавая сфера, якая можа дадаць дынамікі ўсяму рынку. Пакуль што найбольш верагодны варыянт з конкурсам.
Увогуле ўдзельнікі і ўдзельніцы Магістрату плануюць сабраць некалькі «інвестыцыйных» партфеляў для розных беларускіх выдавецтваў. І хоць зарабіць у гэтай справе планаў няма, але ёсць план вяртаць грошы і пасля ўкладаць іх нанова.
Каб часцей аматары літаратуры абмяркоўвалі актуальныя беларускія кнігі, Магістрат падтрымаў ініцыятывы «Чытацкія клубы» — шматлікія беларускія, але рускамоўныя чытацкія клубы ў замежжы.
Ёсць думкі падтрымаць нейкія маркетынгавыя акцыі, бо пра беларускую кнігу банальна не ўсе ведаюць.
Ужо распрацаваны і прыняты Статут Магістрата. Гэта неафіцыйная супольнасць, але ўнутры яна мае свае правілы, паводле якіх будуе працу. А таксама выбралі маршалка і рэвізора Магістрата на год. Там настроены трэніраваць змяняльнасць улады ў адной асобна ўзятай супольнасці.
Пры гэтым мы адкрытыя да прапаноў звонку.
“Збіраем ідэі, якія б пры невялікіх укладаннях далі плён для развіцця беларускай кнігі, пакуль што ў замежжы”.
На сёння ў Кніжным Магістраце 40 чалавек, і за месяц яны сабралі каля 700 еўра. Акрамя таго раз на два месяцы адбываецца галасаванне за новыя праекты. Калі павялічыцца колькасць удзельнікаў і ўдзельніц, то працаваць супольнасць зможа больш і цікавей.
Магістаты запрашаюць далучыцца. Для гэтага варта напісаць спадару Цімафею Акудовічу ў асабістыя паведамленні. У яго ж можна даведацца больш інфармацыі пра супольнасць.
Тарыфы ўдзелу — ад 10 да 100 еўра ў месяц. 10 еўра = 1 голас пры галасаванні за праекты. Пры гэтым у Магістраце можна заставацца цалкам ананімным.
Магістраты – форма падтрымкі, калі ідэяў шмат, а рук не хапае. За падзеямі Ініцыятывы можна сачыць праз тэлеграм-канал.
Далучайцеся. Без вас нічога не будзе.